Баявая нічыя

27 верасня, Жодзіна, ст-н “Тарпеда”, 1950 гледачоў, суддзя – А.Яўневіч (1 к., Мінск), “Тарпеда” – “Днепр” Магілёў – 0:0. “Тарпеда”: Бушма, Варанкоў, Барсукоў, Бранфілаў, Бруснікін ( 59 хв., Зубовіч), Бойка, Яўсеенка, Клімовіч, Швыдакоў (66 хв., Цярэнцьеў), Лявіцкі, Каваленка.

Матч з “Дняпром” завяршаў суперпрацяглую дамашнюю серыю ў восем гульняў, і да гэтага паядынку яшчэ ні разу не была зафіксавана нічыя. Што пацвярджае бескампраміснасць сустрэч. А тут яшчэ футбольнае дзеянне супала з Днём горада і Днём машынабудаўніка і, зразумела, ні аб чым іншым, як аб перамозе справа не ішла. Тым больш што “вікторыя” ў гэтай гульні дазваляла аўтазаводцам узняцца на трэцяе месца ў табліцы. Так што напружанне і хваляванне перад матчам зашкальвала па ўсіх параметрах. Праўда, на баку жодзінцаў быў лепшы псіхалагічны настрой, выкліканы буйной перамогай у мінулым туры.

Мабыць, гэта ды і гаспадарскі статус растлумачваюць тое, што з першых хвілін ініцыятывай завалодалі тарпедаўцы. І ўжо неўзабаве стварылі найбольш рэальны галявы момант. Навес злева галавой працягнуў Каваленка, на жаль, на шляху мяча апынулася перакладзіна. І далей больш атакавалі гаспадары, аднак давала аб сабе ведаць іх даўняя хвароба. Ніяк не ўдаваўся апошні пас ды і білі па варотах яны рэдка. Запомніліся два ўдары Швыдакова, але і вугал быў востры, і галкіпер не падвёў гасцей. Магіляўчане дзейнічалі ў сваёй традыцыйнай манеры – на контратаках. У такіх выпадках надзейна гулялі нашы цэнтральныя абаронцы – Барсукоў і Бранфілаў. Хочацца адзначыць вяртанне ў строй пасля цяжкай траўмы Мікалая Бранфілава, які замяніў дыскваліфікаванага Канцавога і справіўся са сваімі прамымі абавязкамі на выдатна.

Другі тайм больш актыўна пачалі дняпроўцы. Некалькі разоў нават прыйшлося Бушме прадэманстраваць сваё майстэрства. Алег Кубараў, жадаючы перахапіць ініцыятыву, праводзіць адразу дзве замены, такім чынам асвяжаючы флангі. Больш актыўнічаў левы, за які адказвалі Клімовіч і Зубовіч. Але гульнявая перавага ніяк не ператваралася ў нешта больш матэрыяльнае. Не прынеслі плёну і некалькі даволі перспектыўных стандартаў. Па ўсіх дробязях было бачна, што гасцей задавальняе існуючае становішча, а аўтазаводцаў трыбуны гналі наперад да фінальнага свістка. На жаль, паставіць пераможную кропку ніхто не здолеў. І жодзінскія балельшчыкі сталі сведкамі першай дамашняй нічыёй.

Цяпер “Тарпеда” наведаецца ў сталіцу, дзе сустрэнецца з “Мінскам”. Матч адбудзецца 4 кастрычніка, у недзелю, на мінскім стадыёне “Тарпеда”. Прыблізны пачатак гульні а 15 гадзіне. Так што да сустрэчы на футболе.

Сяргей Пузанкевіч.

вернутся на главную страницу

Rambler's Top100